новогрудок

У Навагрудку рэалізуюць праект «Зялёныя гарады»

Пра пачатак рэалізацыі ў краіне сумеснага міжнароднага праекта «Зялёныя гарады» ў Навагрудку, а таксама ў Полацку і Наваполацку, «МС» ужо расказвала. Нагадаем, праект мае на мэце фінансавае садзейнічанне (агульны бюджэт $3 091 000) укараненню прынцыпаў «зялёнай» эканомікі ў малых і сярэдніх гарадах краіны.

Вулічнае асвятленне і спажыванне энергарэсурсаў у жылым сектары Навагрудскага раёна — вось два галоўныя кірункі сумеснай работы мясцовай улады і яе партнёраў — прадстаўнікоў праекта Праграмы развіцця ААН. Намаганні сканцэнтраваліся на павышэнні энергаэфектыўнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі. А тут ёсць над чым працаваць. Па словах кансультанта праекта па пытаннях энергетычнай эфектыўнасці Івана Філюціча, штогод у Беларусі толькі ў сістэме ЖКГ выдаткоўваецца звыш 1,5 мільярда рублёў на набыццё паліва, абсталявання і г. д. Каласальныя сродкі, супастаўныя з выдаткамі на ахову здароўя, адукацыю. Зразумела, што раёны нясуць велізарную нагрузку. Толькі ў Навагрудку летась з мясцовага бюджэту (а гэта каля 55 мільёнаў рублёў) прыкладна 5,5 мільёна рублёў было накіравана на фінансаванне энергетыкі ЖКГ.

На чым можна істотна сэканоміць? Напрыклад, на тым жа вулічным асвятленні. Навагрудак, па словах эксперта, адзін з тых невялікіх і нешматлікіх гарадоў, дзе ўмеюць ужо эканоміць. Але зроблены толькі першыя крокі. З дапамогай сродкаў праекта можна ўкараніць сучасныя сістэмы кіравання асвятленнем вуліц на базе святлодыёдных свяцільняў. Таксама мяркуецца набыць сучасныя сістэмы ўліку спажывання энергарэсурсаў — гэта дазволіць знізіць іх затраты, у прыватнасці ў жыллёвым фондзе. У недалёкай будучыні ёсць намер ажыццявіць у Навагрудку мадэль энергаэфектыўнага квартала.

Posted in Градостроительство and tagged .